ЛЕ́ПЕЛЬСКІ БОЙ 1943,

бой партызанскіх брыгад Лепельскай імя Сталіна, імя Чапаева, 2-й Ушацкай імя Панамарэнкі, Чашніцкай «Дубава» і Сенненскай супраць апорнай базы ням. 3-й танк. арміі ў г. Лепель 19—21 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася паводле загаду ЦШПР з мэтай перашкодзіць узмацненню абароны гітлераўцаў на левым флангу групы армій «Цэнтр», дзе намячаўся прарыў сав. войск. У Лепелі размяшчаліся 3 пях. палкі, танк. батальён, 2 артыл. і 1 мінамётная батарэі (больш за 2 тыс. гітлераўцаў), горад быў акружаны густой сеткай дзотаў, акопаў, драцяных загарод, подступы да яго былі замініраваны. У ноч на 20 кастр. партызаны раптоўным ударам ушчыльную наблізіліся да абарончых умацаванняў, змялі іх і на досвітку прабіліся ў цэнтр горада, але былі контратакаваны прыбыўшым падмацаваннем ворага. У ноч на 21 кастр. партызаны зноў штурмавалі Лепель, але ў цэнтры горада праціўніку ўдалося іх спыніць. Партызаны адышлі, заблакіраваўшы варожы гарнізон з У і Пд.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)